З кедравай бочкі — у саляную пячору

35 гадоў таму ў маляўнічым куточку Мінска гасцінна адчыніла дзверы для першых наведвальнікаў гарадская курортная водагразелячэбніца. Гэтая падзея стала першай прыступкай у гісторыі станаўлення Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі  і бальнеалячэння. У 2005 годзе да медустановы быў далучаны Рэспубліканскі кансультацыйны эндакрыналагічны цэнтр. З таго ж года кіруе цэнтрам заслужаны ўрач Беларусі, выдатнік аховы здароўя, кандыдат мед. навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей Карыцька.

— Сёння цэнтр — шматпрофільная медыцынская ўстанова, якая аказвае насельніцтву высокакваліфікаваную кансультатыўную і лячэбна-дыягнастычную дапамогу, — гаворыць Сяргей Карыцька. — Мы рэабілітуем хворых і інвалідаў з выкарыстаннем прыродных лячэбных фактараў, іншых немедыкаментозных метадаў. Дыягнастычнае абсталяванне адпавядае міжнародным стандартам. Тут працуюць 100 урачоў па 20 спецыяльнасцях. Сярод іх 3 дактары мед. навук, 11 кандыдатаў мед. навук, больш як 90 % урачоў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. 

Кансультуюць пацыентаў спецыялісты, якія працуюць на кафедрах эндакрыналогіі, рэфлексатэрапіі, кардыялогіі і рэўматалогіі, спартыўнай медыцыны і лячэбнай фізічнай культуры, фізіятэрапіі і курорталогіі БелМАПА.

Штогод лячэбніцу наведваюць больш за 240 тысяч жыхароў рэспублікі. Штомесяц рэалізуецца каля 200 пуцёвак на аздараўленне, адпускаецца пэўная колькасць асобных аздараўленчых працэдур.

…Па светлых калідорах здраўніцы шпацыруюць ружовыя, разамлелыя пасля водных і гразевых працэдур наведвальнікі, некаторыя п’юць мінеральную ваду.

— У нас уласная зона водазабору — свідравіны з вадой сярэдняй і малой мінералізацыі, — тлумачыць загадчыца водагразелячэбніцы Соф’я Лебедзь. — Гэтым гаючым напоем лечым пацыентаў з праблемамі страўніка і кішачніка. Для вонкавых бальнеалагічных працэдур прымяняем лячэбныя ванны, інгаляцыі, басейны. Сапрапелевыя гразі завозім са Смалявіцкага раёна, знакамітыя сакскія — з Крыма. Выкарыстоўваем усе вядомыя методыкі гразелячэння.

Прапануем розныя віды масажу — гідрамасаж, сухі аквамасаж, ручны, апаратны. У нас можна аздаравіцца ў міні-саўне ў кедравай бочцы, атрымаць спелеалячэнне ў салянай пячоры, наведаць крыасаўну.

Аздараўленчы комплекс спа-капсула эфектыўна амалоджвае скуру, здымае стрэс, папярэджвае бяссонніцу, добратворна ўплывае на агульны жыццёвы тонус і нават рэгулюе вагу. Каб эфект быў яшчэ больш заўважны, робяць абгортванні: антыцэлюлітныя, шакаладныя, водарасцевыя ды інш.

У цэнтры можна атрымаць касметалагічныя працэдуры: мезатэрапію, фоталячэнне, ультрагукавы пілінг.

Медсястра Галіна Трачынская рыхтуе міні-саўну ў кедравай бочцы перад чарговым сеансам.

Па даручэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў студзені 2007 года ў Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння адным з першых у краіне было створана аддзяленне традыцыйнай кітайскай медыцыны, якім загадвае Алег Дамарод. Спецыялісты аддзялення прайшлі падрыхтоўку ў міжнародных вучэбных цэнтрах Кітая і выкарыстоўваюць не толькі традыцыйныя методыкі лячэння. Тут можна прайсці працэдуры рэфлексатэрапіі: іголкаўкалванне, азонатэрапію, гірудатэрапію, стоўнтэрапію, пракансультавацца ў мануальнага тэрапеўта. Шырока ўжываецца метад сухога выцяжэння пазваночніка, што дапамагае аднавіць яго функцыі пры захворваннях рознай ступені складанасці. У перспектыве плануецца ўкараніць падводнае выцяжэнне.

Многія працуюць у цэнтры  не адно дзесяцігоддзе. Загадчыца дарослага кансультацыйна-рэабілітацыйнага аддзялення выдатнік аховы здароўя Ірына Якімовіч — з 1999 года.

— Пачынала загадчыцай аддзялення ў тагачасным Рэспубліканскім дыспансеры радыяцыйнай медыцыны, які быў у складзе цэнтра, абслугоўвалі ліквідатараў, — успамінае Ірына Фрыдрыхаўна. — З выязнымі брыгадамі наведвалі чарнобыльскія раёны, рабілі медыцынскія агляды пацярпелых.

Сёння аддзяленне Ірыны Якімовіч шматпрофільнае. Тут працуюць неўролагі, тэрапеўты, отарыналарынголагі, хірургі, анколагі. Штогод колькасць тых, хто хоча трапіць сюды на рэабілітацыю і атрымаць кансультацыю спецыялістаў, расце.

Эндакрыналагічнае аддзяленне, створанае ў 2005 годзе, узначаліла Алена Кузьмянкова. Неаднаразова праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі ў БелМАПА, у Кіеве, Каўнасе, Адэсе. У 1995-м курс «Пытанні паталогіі шчытападобнай залозы» праслухала ў Японіі.

— Аказваем эндакрыналагічную дапамогу насельніцтву нашай краіны, — расказвае Алена Іванаўна. — Цесна супрацоўнічаем практычна з усімі РНПЦ, рэспубліканскімі медыцынскімі ўстановамі. Пацыентаў з эндакрыннай паталогіяй кансультуем разам з фізіятэрапеў- там, падбіраючы патрэбную схему лячэння. Шырока выкарыстоўваем рэабілітацыйную базу, якая з’яўляецца адной з найлепшых у рэспубліцы. Акрамя бальнеалячэння пацыенты, якія маюць ускладненні цукровага дыябету, могуць атрымаць патрэбныя працэдуры бясплатна. Маем добрыя вынікі лячэння мужчынскага і жаночага бясплоддзя: многія пары ўжо нарадзілі доўгачаканых дзяцей. У нашым аддзяленні ёсць кабінет не толькі дарослай эндакрыналогіі, але і дзіцячай.

Загадчыца аддзялення функцыянальных метадаў даследавання Вольга Панько і яе памочніца старшая медсястра Анжэла Дзічкоўская на сучасным апараце зробяць ультрагукавую дыягностыку сэрца і сасудаў, рэнтгеналабарант Алег Чараповіч на дэнсітометры вызначае шчыльнасць касцей.

…У клініка-дыягнастычнай лабараторыі цэнтра нас сустракае ўрач лабараторнай дыягностыкі Уладзімір Краўчук. Ён працуе з 1990 года.

— Калі прыйшоў сюды, усё было на вельмі нізкім узроўні, — узгадвае Ула- дзімір Гардзеевіч. — Наша сучасная лабараторыя адпавядае найлепшым еўрапейскім узорам: модульная сістэма ўключае біяхімічны і імунаферментны модулі. Біяхімічны за гадзіну выдае 600 тэстаў, імунаферментны адначасова загружае 25 параметраў, робіць 175 гарманальных даследаванняў. Штодзень прыкладна 80 чалавек праходзяць тэрміновыя гарманальныя аналізы і 75 — біяхімічныя. Раней такія аб’ёмы выконваліся за тыдзень.

Клініка-дыягнастычная лабараторыя, дзе працуюць урач лабараторнай дыягностыкі Уладзімір Краўчук і фельчар-лабарант Тамара Іванец, адпавядае найлепшым еўрапейскім узорам. Біяхімічны модуль за гадзіну выдае 600 тэстаў, імунаферментны адначасова загружае 25 параметраў, робіць 175 гарманальных даследаванняў.

У апошнія гады ў цэнтры запатрабаванае сучаснае лячэнне варыкознага пашырэння вен, прымяняюцца эфектыўныя і бяспечныя метады  — склератэрапія і радыёчастотная абляцыя (РЧА).

Метад РЧА падскурных вен заснаваны на выкарыстанні мікрахваляў, якія награваюць сценку вены і «склейваюць» яе. Пры склератэрапіі з дапамогай тонкіх іголак у варыкозную вену ўводзіцца лекавы прэпарат склеразант — і хворая вена цалкам знікае. Працэдуры праводзяцца пад кантролем УГД у амбулаторных умовах. І ўжо на наступны дзень чалавек можа прыступіць да працы. Займаюцца гэтай справай вопытныя хірургі  — доктар мед. навук Аляксандр Баешка, кандыдат мед. навук Андрэй Попчанка, Ян Кернажыцкі.

На медыцынскую дапамогу ў цэнтры могуць разлічваць людзі розных узростаў з усіх куткоў краіны, якія маюць праблемы са здароўем. Да іх паслуг сучаснае медыцынскае абсталяванне і кваліфікаваныя спецыялісты.

З кожным годам растуць аб’ёмы платных паслуг: пацыенты галасуюць рублём за якасць рэабілітацыі і бальнеалячэння. Незвычайны курорт у сталіцы за 35 гадоў існавання стаў адным з самых запатрабаваных. Тут знаходзяць здароўе і душэўны спакой

 

Автор(ы): Светлана Хорсун, Сергей Мицевич (фото)

Источник: www.medvestnik.by